31 мая 2022

#ЛітАлфавіт Пятрусь Броўка

Вясна расквеціла ўсімі фарбамі нашу родную зямлю. Гледзячы на цудоўныя краявіды ў памяці ўсплываюць радкі з вершаў беларускіх паэтаў, якія таксама назіралі за прыгажосцю беларускай прыроды. Працягваючы рубрыку #ЛітАлфавіт прадстаўляем вашай увазе верш Пятруся Броўкі "Зямля Беларусі".
 Зямля Беларусі! Бары і дубровы,
Жытнёвае поле, шаўковы мурог,
У промнях рабіны заход вечаровы,
Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы
І ў шумных прысадах істужкі дарог.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў
Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,
Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,
Знікаюць па водах, па чорных разорах,
Па травах, абсыпаных кроплямі рос.
Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,
Гамоняць пра гэта бары-байкары,
Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,
І Турава сцены, і шум Белавежы,
І роднага Мінска сівыя муры…

Комментариев нет:

Отправить комментарий